Зарегистрироваться в клубе
Ошибка :( Забыли имя или пароль? >>

Прома-група «ВЮ»: сакрэты iмiджу

25 января 2011/ Чашка кофе с минчанкой

Змена іміджу – справа цікавая і дастаткова сур’ёзная. Калі мяняе свой вобраз жанчына, яна разлічвае на ўсеагульную ўвагу і рознабаковую ацэнку таго, што ў выніку атрымалася.

Калі ж свой вобраз мяняе інтэрнэт-праект, змены заўсёды адлюстроўваюцца на аўдыторыі. Нехта прымае новаўвядзенні і яшчэ больш захапляецца новай ідэяй, іншым, наадварот, ідэя можа не спадабацца і яны будуць з’яўляцца на сайце радзей…

Каля месяца таму Мінчанка стала Клубам сталічных гаспадыняў. Выбар такога вузкага напрамку ў развіцці праекту быў зроблены не выпадкова. За амаль чатыры гады працы ў нас сабралася шмат рознапланавага кантэнту, асноўныя тэмы якога так ці інакш закраналі вядзенне хатняй гаспадаркі. Акрамя таго, кожная, нават эмансіпіраваная жанчына хоць на пару гадзін у дзень, але становіцца гаспадыняй. І вось тут якраз мы можам прыйсці ёй на дапамогу. І будзем рабіць гэта з радасцю!
Для таго, каб прааналізаваць вобраз хатняй гаспадыні і ў чарговы раз адзначыць яго станоўчыя бакі, мы вырашылі абмеркаваць гэтую тэму з цікавымі і не зусім, на першы погляд, “хатнегаспадарчымі” мінчанкамі, у якіх ёсць свае захапленні.

…Суботнім ранкам у адной сталічнай кавярні змену іміджу, статус хатняй гаспадыні і творчыя планы абмяркоўвалі разам з аўтарам i кіраўніком сайта «Мінчанка» Аленай Мельнiк дзве паэтэсы, арганізатары культурных мерапрыемстваў Віка Трэнас і Юлія Новік (разам—прома-група “ВЮ”).

vu_00.jpg

Алена: На працягу трох гадоў сайт Мінчанка.бай выходзіў пад дэвізам “Быць жанчынай—гэта цікава”. Тыдзень таму, пасля доўгіх абмеркаванняў, праект змяніў статус і стаў “Клубам сталічных гаспадыняў”.

Віка: Змена іміджу як для чалавека, так і для праекта – справа вельмі сур’ёзная і адказная. Мне здаецца, канцэптуальна ваш праект становіцца больш вузкім. Калі гэта выклікана пераменай густаў вашай чытацкай аўдыторыі і адпавядае дынаміцы развіцця рэсурса – то чаму б і не. 

Юля: Калі спачатку гэта быў проста жаночы сайт, то цяпер выразней акрэсліваецца мэтавая аўдыторыя. Сайт набывае больш канкрэтны статус, дзе менавіта дасведчанасць у розных практычных і не толькі сферах жыцця—ключавы элемент. Мяняецца і дзейнасць сайта: ваша нядаўняя акцыя самапіяру “Я—зорка!”—таксама пытанне іміджу.

vu_01.jpg

Алена: Па характару сваёй працы я сустракаюся са шматлікімі цікавымі жанчынамі, якім, на мой погляд, якраз не стае “святла сафітаў”. А яшчэ ім бракуе ўпэўненасці ў сабе. Разважаючы над усім гэтым, я і прыдумала акцыю “Я—зорка!”, у якой кожная жанчына можа расказаць пра сябе, свае захапленні і дасягненні, чым бы яна ні займалася прафесійна.

Праект існуе ўжо два месяцы, і ў нас, суадносна, ужо ёсць, як у песні, дзве зоркі. Кожна з іх прыязджала да нас у студыю, фатаграфавалася на прафесійнай фотаапаратуры, апавядала пра сябе, паказвала свае працы. Атрымаліся матэрыялы, вельмі цікавыя і карысныя для абодвух бакоў. Я ў гэтым упэўненая, таму што даўно адзначыла для сябе, наколькі важная падача таго, што ты робіш. Не важна, гаворка вядзецца пра пляценне пацерак, напісанне песень ці яшчэ што-небудзь. Часта даволі якасная работа “знікае” ў няўдалым афармленні і, наадварот, зусім простая “ззяе”, калі яе правільна асвятліць. Мы будзем працягваць акцыю.

vu_02.jpg

Юля: На ўспрыняцце любога праекта ці працы ўплывае таксама і асабісты вобраз, унутраныя і знешнія фактары яго фарміравання.
 
Віка: Характар чалавека, яго эстэтычныя густы, прачытаныя кнігі, пабачаныя прыгожыя пейзажы—усё, што заўгодна, аб’яднаўшыся ў душы чалавека, можа стаць складнікам іміджу. Культурны кантэкст і знаходжанне ў ім, веды пра новае, а можа нават і парады калег маюць не менш важнае значэнне.

vu_03.jpg

Алена: Так, я ўсё жыццё знаходжуся ў творчым асяродку. Вакол мяне шмат узораў, якія натхняюць, настройваюць, узбагачаюць. Штодзень я прасякаюся гэтым, прапускаю праз сябе, аналізую, адчуваю. Менавіта ў такім працэсе і фарміруецца мой асабісты вобраз. Дарэчы, Віка можа шмат чаго распавесці пра змену іміджу—нядаўна выйшаў “Сучасны беларускі каляндар”, у якім яна выступіла ў новым для сябе амплуа.

Віка: Шчыра прызнацца, у мяне за апошні час так шмат пыталіся пра каляндар – я ўжо стамілася дзяліцца сваімі ўражаннямі. Канечне, прыемна, што такім, “гламурным” чынам можна прыцягнуць увагу людзей да беларускай культуры і асабліва да элітарнай паэзіі. Досвед падобнай фотасесіі быў для мяне вельмі цікавы. Думаю, што жаночая прыгажосць у ідэале павінна быць і знешняй, і ўнутранай. Мне ёсць куды развівацца.   

Юля:
Вядома, усе былі проста ўражаныя такім прыгожым, нават “незямным” вобразам, які ўдаўся дзякуючы некалькім складнікам: па-першае, у Вікі незвычайная, запамінальная знешнасць, хаця яна сама гэта ніколі і не заўважала. Па-другое, над ім працавалі сапраўдныя прафесіяналы-фатографы, стылісты, спецыялісты па макіяжу. У выніку атрымалася сапраўдная прынцэса. Такі незвычайны эксперымент, хаця і даволі цяжка было вытрымаць, бо шмат увагі, каментароў, але, спадзяюся, стане для Вікі прыемным і цікавым досведам. Да таго ж, гэта знаёмства са светам моды і гламура, у які многія мараць трапіць ці хаця б зазірнуць. Новы вобраз ёй вельмі пасуе, але няхай яна застаецца той, якая яна ёсць!

vu_04.jpg

Вобраз хатняй гаспадыні

Алена: Адзін са стэрэатыпных вобразаў сучаснай жанчыны—хатняя гаспадыня, успрымаецца неадназначна ў сучасным грамадстве. Цікава, як бы вы паставіліся да такога статусу і што ўвогуле для яго вызначальнае?
Асабіста мне вельмі падабаецца слова «домоводство»,  калі так можна сказаць, гэта тое, чым я люблю займацца. Мне падабаецца ўладкоўваць побыт так, каб гэта было з тэхнічнага пункту гледжання нескладана, з практычнага – зручна, а з эстэтычнага –прыгожа. Асабліва люблю рукадзелле.
 
Юля: Гаспадыня –гэта ў першую чаргу майстрыха, якая можа і зрабіць нешта прыгожае сваімі рукамі, і прыгатаваць-прыдумаць смачную і арыгінальную страву, і стварыць атмасферу ўтульнасці ў доме, аб’яднаць блізкіх агульнай займальнай справай. Гэта фантазёрка і чараўніца, прыгожая і мудрая, у якой тысяча ідэй і мільён спосабаў іх рэалізацыі. Атрымаўся ідэалізаваны вобраз, які, на жаль, не існуе…
Сама я хацела б умець рабіць усё гэта, але мець таксама іншыя заняткі і пастаянную працу.

Віка: Ні ў якім разе не хачу быць хатняй гаспадыняй! Проста таму, што гэта не маё. Я чалавек энергічны, дзейнасны і грамадска-актыўны. У кожнай жанчыны сваё прызванне. Ёсць тыя, хто нарадзіліся для таго, каб прысвяціць сябе стварэнню дамашняга агменю. Гэта добра, класна, здорава. Але гэта не зусім маё, мне гэтага мала. Акрамя любімага дома я хачу мець таксама любімую працу.

vu_05.jpg

Жаночыя праекты і Інтэрнэт

Віка: У ідэале жанчына павінна быць не толькі добрай гаспадыняй, але і актыўна ўдзельнічаць у сацыяльным жыцці. Менавіта высілкамі дзяўчат з’яўляюцца ў нашай культурнай прасторы адметныя і актуальныя праекты, напрыклад, такія як сайт Мінчанка.

Алена: Першасна я задумвала праект як пляцоўку для камунікацыі цікавых творчых адкрытых жанчын. У мяне дастаткова шмат сяброў і добрых знаёмых, якія мяне падтрымліваць. Удалыя ідэі нібыта “лунаюць” у паветры. Перыядычна мне шчасціць адну-другую злавіць і ажыццявіць. Цікава, як гэта адбываецца ў вас і які сумесны праект асабліва запомніўся, тым больш, што ў вас творчы дуэт.

Юля: Праекты нараджаюцца спантанна, падчас абмеркавання культурных падзеяў, новых твораў, цікавых людзей і знаёмстваў. Нават проста калі атрымліваеш новую інфармацыю з якой заўгодна крыніцы і дзелішся ёю. Або калі прадумваеш, чым бы хацеў заняцца, плануеш любімую справу.

vu_06.jpg

Віка: Ідэі новых праектаў нараджаюцца часцей за ўсё выпадкова – па натхненні. У прынцыпе, у кожнай з нас свае аўтарскія вечарыны. Але менавіта разам мы распрацоўваем дэталі, падрабязнасці, у тым ліку прадумваем тэхнічныя ўмовы іх ажыццяўлення. Наш любімы сумесны праект? Шчыра кажучы, прадбачу, што Юлія назаве сваю франка-беларускую серыю імпрэзаў, я насмелюся згадаць пра свае “Выявы”, а пераможа ў выніку сяброўства. Найбольш ярка запомнілася фотавыстава “Паралелі” (2010).   

Алена: Ці ёсць праекты або падзеі, пра якія вам хацелася б сказаць: “Як шкада, што гэта не я прыдумала! або “Як шкада, што мяне там не было!”?

Віка: Ніколі ні пра што не шкадую. І нікому не зайздрошчу. Звычайна проста шмат працую для дасягнення пастаўленай мэты, якую выбіраю вельмі ўважліва. Але паўтарыцца не баюся – калі ідэя добрая, то яе заўсёды можна ажыццявіць, можа, трошкі змяніўшы яе ў залежнасці ад абставінаў.

vu_07.jpg

Юля: Як шкада, што мяне не было сярод стваральнікаў сеткі Фэйсбук! Жарт, проста спадабаўся фільм на гэтую тэму. Дарэчы, на вашым сайце часта праводзяцца акцыі конкурсы, нядаўна з’явіўся выхад у сацыяльныя сеткі.

Алена: Вядома, таму што камунікацыя разумее пад сабой зваротную сувязь. Мы прыслухоўваемся да парадаў знаёмых і сяброў, якія дзеляцца меркаваннямі пра нашыя праекты.

Віка: Сацыяльныя сеткі – надзвычай карысныя інфармацыйныя рэсурсы (асабліва для менеджэраў у сферы культуры, літаратараў і меламанаў). Але я ніколі не забываюся пра тое, што Інтэрнэт – публічная прастора. Таму ніякіх асабістых запісаў ні ў блогу, ні на фэйсбуку, ні ў кантакце я не раблю. Але ў мяне вельмі шмат магчымасцяў для камунікацыі з маімі чытачамі, калегамі і аўтарамі, для наладжвання дзелавых сувязей.

vu_07.jpg

Юля: Сацыяльныя сеткі стала ўвайшлі ў нашае жыццё, якое цяпер без іх цяжка ўявіць. У першую чаргу, гэта абмен актуальнай інфармацыяй, па-другое, падтрымка сацыяльных сувязяў, пошук новых кантактаў. Для нашых праектаў яны вельмі ўплывовыя, бо дазваляюць далучыць і запрасіць да наведвання і ўдзелу незнаёмых людзей, якія, тым не менш, маюць агульныя з намі інтарэсы. Гэта вялікая аўдыторыя і хуткасць, мультымедыйнасць і інтэрнацыянальнасць. Асабістае і творчае жыццё моцна пераплятаюцца, людзі, задзейнічаныя ў праектах, становяцца сябрамі і добрымі знаёмымі, сябры могуць стаць выступоўцамі…Дарэчы, менавіта праз Інтэрнэт і агульныя кантакты мы і даведаліся пра Мінчанку.

Алена: Нашае знаёмства і супрацоўніцтва якраз даказвае, наколькі плённым можа быць сяброўства ў віртуальнай прасторы. 

Юля, Віка, дзякуй за такую цікавую сустрэчу. Спадзяюся, у нас будзе яшчэ не адна нагода для кантактаў, і не толькі ў Інтэрнэце. Напрыканцы, па добрай традыцыі, прапаную Вам сказаць пару словаў нашым чытачам.

Юля, Віка: Жадаем усім жанчынам быць прыгожымі і самастойнымі, незалежна ад іх статусу, і мець магчымасць расці і адпавядаць свайму ўнутранаму самаадчуванню!

Пазнаёміцца з творчасцю Юліі і Вікі Вы зможаце, наведаўшы іх блогі: http://julienovik.unblog.fr/ , http://vika-trenas.livejournal.com/

Фотографии: Екатерина Дадиомова.

© minchanka.by

Автор: Елена Мельник.

0 2971